Кароткая інфармацыйная даведка аб музеі

У 2000 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча на былой Валоскай вуліцы Верхняга горада (цяпер Інтэрнацыянальная, 33а) у Мінску быў адкрыты музей “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя”.

Гісторыя дома пачалася ў канцы ХVIII ст. Упершыню ён з’явіўся на плане горада Мінска ў 1793 годзе, а ў 1846 годзе дом купіў суддзя, маршалак дваранства Мінскага павета Эдвард Ваньковіч, адзін з прадстаўнікоў роду Ваньковічаў герба “Ліс”.

План маёнтка. 1848 год
План маёнтка. 1848 год

Апроч панскага дома ў сядзібны комплекс уваходзілі таксама флігелі. Вялікі выцягнуты будынак злева – былая стайня і карэтная Ваньковічаў. У жоўтым флігелі справа на першым паверсе знаходзілася кухня сядзібы, а на другім – кватэра распарадчыка. На тэрыторыю сядзібы вяла ўязная брама, пад’язная алея была абсаджана дрэвамі.

Ствараючы гэты музей, аўтары праекта мелі пэўную мэту: адрадзіць гэтую сядзібу, зрабіць яе, як і ў XIX стагоддзі, цэнтрам музычнага і культурнага жыцця. Сюды прыходзілі многія прадстаўнікі мінскай шляхецкай інтэлігенцыі, збіраліся мастакі, музыканты. У доме Эдварда Ваньковіча гасцяваў яго блізкі сваяк – кампазітар Станіслаў Манюшка. Тут часта бываў пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Адна з першых фатаграфій дома. Канец XIX стагоддзя
Адна з першых фатаграфій дома. Канец XIX стагоддзя

Ваньковічы жылі ў сядзібе да 1920 года. Апошнім яе ўладальнікам быў унук Эдварда Пётр Ваньковіч, які эмігрыраваў у Польшчу, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць. У 1920-я гады ўсе будынкі сядзібы прыстасавалі пад камунальныя кватэры.

Мінск пасля Вялікай Айчынай вайны. Фота 1947 года
Мінск пасля Вялікай Айчынай вайны. Фота 1947 года

У 1980 годзе было прынята рашэнне аб музеефікацыі сядзібы. Была праведзена рэканструкцыя: панскі дом прыйшлося разабраць, бо ён прыйшоў у трухлявы стан, а на старым падмурку па тэхналогіі XIX стагоддзя з новага бярвення ўзвялі той, што існуе цяпер.

Рэканструкцыя музея. Фота канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў
Рэканструкцыя музея. Фота канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў

Паколькі абсталяванне дома Ваньковічаў не захавалася, прадстаўленыя ў музеі экспанаты – мэбля, люстры, дываны, гадзіннікі (створаны ў XVIII – першай палове XIX стагоддзя) – перададзены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Скульптура “Раніца мастака”
Скульптура “Раніца мастака”

У 2010 годзе ў двары сядзібы была ўрачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя “Раніца мастака” працы Уладзіміра Слабодчыкава, што прысвечана Валенцію Ваньковічу і ўвекавечыла вобраз беларускага мастака-рамантыка.

 

У музеі створаны тры экспазіцыі: інтэр’еры шляхецкай сядзібы канца ХVII – пачатку XIX стагоддзя; партрэтная галерэя з сядзібнымі партрэтамі канца ХVIII – пачатку XIX стагоддзя і мемарыяльныя залы аб жыцці і творчасці Валенція Ваньковіча.

Першая мемарыяльная зала

Першая мемарыяльная зала

Акрамя архіўных дакументаў у мемарыяльных залах прадстаўлены жывапісныя копіі і рэпрадукцыі работ мастака В. Ваньковіча, а таксама сапраўдныя творы сучаснікаў Ваньковіча: партрэты Аляксандра Манюшкі (1816) пэндзля Яна Рустэма; Марыі Міцкевіч (1856) Тадэвуша Гарэцкага, Зінаіды Дзівавай (1841) Ксаверия Канеўскага; нацюрморты 1830-х гг. Івана Хруцкага” карціны “Вербная нядзеля” (1847) Кануція Русецкага.

Кабінет

Кабінет

Кабінет – месца заняткаў, дзелавых прыёмаў і адпачынку гаспадара дома. Яго ўбранства звычайна складалася са зручнай, кампактнай, шматфункцыянальнай па сваім прызначэнні мэблі. Прыклад таму – своеасаблівай канструкцыі бюро чырвонага дрэва, аб’яднанае з камодай для бялізны і шафай для кніг. Рукамі прыгонных вытканы паласны дыван. Канторка, кніжная шафа, крэслы і банкетка, шырма і люстра 1800–1830-х гг. дапаўняюць убранне пакоя. Бронзавыя гадзіннікі, кандэлябр, цыбук і кнігі даюць уяўленне аб звычках і інтарэсах гаспадара кабінета.

Партрэтная галерэя

Партрэтная галерэя

Тры залы музея займае партрэтная галерэя. У экспазіцыі музея няма партрэтаў прадстаўнікоў роду Ваньковічаў, але большая частка партрэтуемых – сучаснікі Валенція Ваньковіча, якія займалі ў грамадстве рознае сацыяльнае становішча, – магнаты, дробная шляхта, вайскоўцы, чыноўнікі судовых ведамстваў, іх жонкі і дочкі. Партрэты вельмі дакладна перадаюць аблічча, характар, адзенне, узровень культуры адлюстраваных на іх персанажаў.

Сталовая (трэцяя партрэтная зала)

Сталовая (трэцяя партрэтная зала)

Апошняя партрэтная зала, у якой прадстаўлены партрэты 30–40-х гадоў ХIХ стагоддзя, размяшчаецца ў былой сталовай.

У зале выстаўлены прадметы мэблі з чырвонага дрэва: два крэслы і канапа са строгай спінкай класічнай формы, а таксама стол тыпу “сараканожка”.

Для сталовай Эдварда Ваньковіча, у сям’і якога было трынаццаць дзяцей, такі стол мог стаць найлепшым рашэннем.

Чайны пакой

Чайны пакой

Чайны пакой у ХIХ стагоддзі быў у кожным шляхецкім доме і служыў сувязным звяном паміж кухняй, што знаходзілася ў адным з флігеляў, і сталовай. Слугі прыносілі сюды ўжо гатовыя стравы, сервіравалі, а затым падавалі іх у сталовую. У печы падагравалі ежу, ставілі самавар. Заварвалі гарбату і каву самі гаспадары, паколькі каланіяльныя напоі ў тыя часы былі вельмі дарагімі.

Парадная гасцёўня

Парадная гасцёўня

Самы вялікі пакой у доме – гэта парадная гасцёўня. У цэнтры, на дыване 70-х гг. ХІХ стагоддзя маскоўскай фабрыкі ў Завідаве, размешчаны гарнітур арэхавага дрэва 1830-х гг. – канапа, два крэслы і стол на львіных ножках. Ярка-жоўтага колеру драўніна таніравана пад чырвонае дрэва. Тут жа размясцілі наборнага дрэва паставец і авальны столік, алейную лямпу ХIХ стагоддзя па малюнках дойліда К. Росі, мармуровыя скульптуры “Галава Дантэ Аліг’еры” працы італьянскага майстра пачатку ХIХ ст. і “Пацалунак Амура” – рэпліка вядомай кампазіцыі Антоніа Кановы (1757–1822).

Музычная гасцёўня

Музычная гасцёўня

У музычнай гасцёўні музея асноўным дзеючым экспанатам з’яўляецца раяль першай паловы ХIХ стагоддзя фірмы “Менцэль”.

На сценах карціны “Мінерва, якая ахоўвае музы навукі і мастацтва” пэндзля Тадэвуша Кунтцэ (1731–1793), “Паляванне на вепрука” і “Пейзаж” заходнееўрапейскіх мастакоў канца ХVIII стагоддзя.

Фота 2015 года
Фота 2015 года

Сёння музей “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя» працягвае культурныя традыцыі шляхецкай сядзібы. Тут праходзяць выставы, вечарыны старажытнай, камернай, духоўнай музыкі, гучаць рамансы. Ладзяцца прэзентацыі і канферэнцыі, творчыя сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі.

 

 

Сычова Наталля Віктараўна ўзначальвала філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” з 2000 па сакавік 2015 года.

З красавіка па снежань 2015 года загадчыкам філіяла з’яўляўся Вечар Сяргей Уладзіміравіч.

З вясны 2016 года і да гэтага часу загадчык філіяла – Яцэвіч Святлана Адольфаўна.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30