Памяці Алега Ліхтаровіча

Памяці Алега Ліхтаровіча
6 кастрычніка на 71 годзе пайшоў з жыцця Алег Леанардавіч Ліхтаровіч. Працы фатографа ў Нацыянальным мастацкім музеі ён прысвяціў 35 гадоў, з іх 33 быў загадчыкам фотамайстэрні.

Фатограф у музеі – вельмі адказная, важная і неабходная работа: здымка музейных прадметаў, фіксаванне твораў, што экспанаваліся на выставах, захаванне фотанегатываў для гісторыі і далейшай працы. Акрамя таго, фатограф адлюстроўвае важныя падзеі, якія адбываюцца ў музеі, – адкрыццё выстаў, канферэнцыі і іншыя шматлікія мерапрыемствы. Усё гэта складае фотаархіў музея.

Алег Ліхтаровіч таксама працаваў пры падрыхтоўцы музейных выданняў – каталогаў, альбомаў. Яго фотаздымкі змешчаны ў каталогу “Русская дореволюционная и советская живопись в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь” у двух тамах, альбомах “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV – пачатку XX стагоддзя”, “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва 1920–1950-х гадоў” і іншых выданнях.

Да ўсіх сваіх абавязкаў Алег Ліхтаровіч ставіўся вельмі сур’ёзна і адказна. З упэўненасцю аб ім можна сказаць: “Здымае не камера, а фатограф!”. У гэтым і быў сэнс і галоўная мэта яго працы ў музеі.

Алег быў чалавекам харызматычным, спагадным і прыязным, камунікабельным і кампанейскім, з пазітыўным настроем і выдатным пачуццём гумару, удзельнічаў у розных святочных мерапрыемствах, выязджаў з калектывам у грыбы (і заўсёды збіраў больш за ўсіх).

Для нас, супрацоўнікаў, якія прапрацавалі з ім шмат гадоў, ён застанецца прыкладам абсалютнай адданасці сваёй прафесіі. Выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім, а таксама тым, хто ведаў і любіў Алега Леанардавіча.

Фото
Падзеі
Інтэрактыўная музейна-камунікатыўная праграма “Мова веера”
Інтэрактыўная музейна-камунікатыўная праграма “Мова веера”

Музей Дом Ваньковічаў

Аўтарская праграма “Балетныя чытанні”
Аўтарская праграма “Балетныя чытанні”

Музей Дом Ваньковічаў

РАМАНСІЯДА Ў СЯДЗІБЕ ВАНЬКОВІЧАЎ
РАМАНСІЯДА Ў СЯДЗІБЕ ВАНЬКОВІЧАЎ

Музей Дом Ваньковічаў

Творчая праграма “Чароўная ноч у Ваньковічаў”
Творчая праграма “Чароўная ноч у Ваньковічаў”

Музей Дом Ваньковічаў