Выстава

ВЫСТАВА “БАГI I ГЕРОI СТАРАЖЫТНАЙ ГРЭЦЫI Ў АФОРТАХ IАГАНА ГЕНРЫХА ЦIШБЕЙНА”

ВЫСТАВА “БАГI I ГЕРОI СТАРАЖЫТНАЙ ГРЭЦЫI Ў АФОРТАХ IАГАНА ГЕНРЫХА ЦIШБЕЙНА”

Музей Дом Ваньковічаў

24 красавіка 2026 года ў 17.00 у філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – музеі “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” (г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33а), адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Багі і героі Старажытнай Грэцыі ў афортах Іагана Генрыха Цішбейна”.

Выстава прэзентуе корпус гравюр XVIII ст. з выявамi сюжэтаў са старажытнагрэчаскай міфалогіі і побыту, выкананых на паперы вержэ у тэхніках афорта і ручной гравіроўкі.

З`яўленне гэтых твораў стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву трох выбiтных людзей свайго часу. Першы з іх – сэр Уільям Дуглас Гамільтан (1730–1803), брытанскі дыпламат, надзвычайны пасланнік Вялікабрытаніі пры неапалітанскім каралеўскім двары (1764–1799), вядомы вулканолаг і сейсмолаг, археолаг і калекцыянер. Натхнены знаўца антычнай культуры, Гамільтан актыўна ўдзельнічаў у раскопках старажытнагрэчаскiх некропаляў на поўдні Апенінскага паўвострава і Сіцыліі, а яго першую калекцыю антычнага мастацтва ў 1772 г. набыў Брытанскі музей у Лондане. Да пачатку 1790-х гг. Гамільтан здолеў сабраць новую калекцыю, тады ж пажадаўшы падрыхтаваць прадстаўнічае выданне – шматтомны каталог з замалёўкамі з антычных ваз. Ідэю дыпламата горача падтрымаў славуты нямецкі паэт і драматург, аўтар “Фаўста” і “Пакутаў юнага Вэртэра”, Iаган Вольфганг фон Гётэ (1749–1832), які ў 1786–1788 гг. падарожнічаў па Італіі і працяглы час знаходзіўся ў Неапалітанскім каралеўстве. У якасці стваральніка малюнкаў і афортаў для будучага каталога Гётэ парэкамендаваў Гамільтану свайго блізкага сябра разам з якім здзяйсняў гран-тур – Іагана Генрыха Вільгельма Цішбейна (1751–1829), выбітнага нямецкага (гесенскага) мастака-акадэміста, таленавітага малявальшчыка i гравера, якi па прыбыцці ў Неапаль (1787) выконваў прыкметную ролю ў асяроддзi дзеячаў мастацтва пры каралеўскім двары, а ў 1789–1799 гг. узначальваў неапалітанскую Акадэмію мастацтваў.

У 1790-х гг. у Неапалі былі паслядоўна падрыхтаваны і надрукаваны 4 тамы выдання пад назвай “Калекцыя гравюр са старажытных ваз, у асноўным грэчаскай работы, знойдзеных у грабніцах каралеўства Абедзвюх Сіцылій, але галоўным чынам у наваколлях Неапаля на працягу 1789–1790 гг., якія зараз знаходзяцца ў валоданні сэра У. Гамільтана... 

Неўзабаве пасля выхаду ў свет “Калекцыя” стала настольнай кнігай антыквараў, яе ілюстрацыі аказалі прыкметны ўплыў на многіх мастакоў свайго часу, спрыяючы развіццю неакласіцызму ў еўрапейскім мастацтве XIX ст. Асаблівую культурную значнасць выданню надаў сумны факт: у снежні 1798 г. падчас транспарціроўкі ваз у Вялікабрытанію карабель, які іх перавозіў, разам з грузам затануў ля астравоў Сілі.

У экспазіцыі выстаўкі “Багі і героі Старажытнай Грэцыі ў афортах Іагана Генрыха Цішбейна” будуць прадстаўлены каля 30 твораў з 3-га тома “Калекцыі”, якія зараз знаходзяцца ў зборы Беларускага геаграфічнага таварыства. Выстаўка – першая сумесная ініцыятыва НММ РБ, БелГТ і культурнага адукацыйнага праекта “Арт-повад”.

 

Куратары выставы:

Трафiмава Марына Уладзiмiраўна – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветнiцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь;

Скварцова Iрына Мiкалаеўна – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчык аддзела выяўленчага i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору iм. К. Крапiвы дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi», член ГА «БелГТ».

іншыя выставы
РАМАНСІЯДА Ў СЯДЗІБЕ ВАНЬКОВІЧАЎ
РАМАНСІЯДА Ў СЯДЗІБЕ ВАНЬКОВІЧАЎ

Музей Дом Ваньковічаў

Лекцыя "Іх імёны належаць народам"
Лекцыя "Іх імёны належаць народам"

Музей Дом Ваньковічаў

Арт-лекцыя “Жаночыя вобразы ў творчасці Валенція Ваньковіча”
Арт-лекцыя “Жаночыя вобразы ў творчасці Валенція Ваньковіча”

Музей Дом Ваньковічаў

Тэматычны дзень “Вясновая мазаiка”, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню
Тэматычны дзень “Вясновая мазаiка”, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню

Музей Дом Ваньковічаў