Прадстаўленыя на выставе творы жывапісу, графікі і скульптуры, выкананыя беларускімі мастакамі XIX–XXI стст., закліканы паказаць вобраз роднай зямлі шматпланавым як у часе і тэмах, так і ў мастацкіх напрамках. Значнае месца ў выставачным праекце адведзена пейзажнаму жанру, бо вобраз Радзімы ў большасці жывапісцаў устойліва асацыіруецца з апяваннем беларускай прыроды.
Пейзажны жывапіс Беларусі канца XIX – пачатку XX стагоддзя прадстаўлены імёнамі А. Гараўскага і В. Бялыніцкага-Бірулі. Мастакі распрацоўвалі від пейзажа, дзе галоўнай задачай з’яўляецца лірычнае адлюстраванне характэрнага матыву роднай прыроды. У іх творчасці вялікае месца займае пейзажны эцюд ці краявід, напісаны непасрэдна з натуры.
У ХХ–ХХI стагоддзях да тэмы радзімы ў пейзажным жывапісе звярталіся многія беларускія мастакі. Для іх твораў характэрна злучэнне лірычнага пачатку і эпічны ахоп свету. Жывапісцам было важна, грунтуючыся на канкрэтнай мясцовасці, якая станавілася аб’ектам адлюстравання, стварыць абагульнены эпічнывобраз роднага края (В. Цвірка, В. Грамыка, Г. Вашчанка, Л. Лейтман, Д. Алейнік і інш.).
Вобраз Радзімы, роднага края стаў адным з галоўных матываў у творчасці беларускіх мастакоў розных пакаленняў і мастацкіх традыцый, асабліва ў ХХ–ХХI стст. у плане гістарычнай памяці тых мясцін, якія звязаны з гераічным мінулым нашага народа. Калекцыя беларускага мастацтва XIX–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – яркае таму пацвярджэнне. Многія жывапісцы, графікі, скульптары на працягу некалькіх стагоддзяў звароту да гэтай тэмы ўнеслі важны ўклад у фарміраванне мастацкага аблічча нашай Радзімы ў выяўленчым мастацтве.